Архіў навін - Аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама
Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

08.09.23

Новыя факультатыўныя заняткі выхаваўчай накіраванасці

Сярод напрамкаў выхаваўчай работы, вызначаных у Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021–2025 гады, асабліва актуальным з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, мэта якога – фарміраванне ў навучэнцаў патрыятызму, павагі да гісторыі і культуры беларускага народа, захаванне гістарычнай памяці. Гэта адлюстравана і ў новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У артыкуле 54 замацавана, што «захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».

Для захавання гістарычнай памяці, выхавання патрыятызму важнае значэнне мае вывучэнне пытанняў, звязаных з генацыдам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З мінулага навучальнага года гэтыя пытанні пашыраны ў вучэбных праграмах па гісторыі Беларусі ў 9-х і 11-х класах. Цяпер па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь рыхтуюцца вучэбныя дапаможнікі для навучэнцаў 1–4-х, 5–9-х, 10–11-х класаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Дапаможнікі будуць выкарыстоўвацца пры вывучэнні вучэбных прадметаў «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя», «Беларуская літаратура», «Руская літаратура», «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў. Да новага навучальнага года распрацавана інструктыўна-метадычнае пісьмо «Аб вывучэнні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі матэрыялаў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі распрацаваны вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў патрыятычнай накіраванасці: «Школа абаронцаў Айчыны», «Гатовы Радзіме служыць!», «Юны пагранічнік» і іншыя. Факультатыўныя заняткі «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны» наведваюць усе дзевяцікласнікі краіны. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэалізуецца вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму».

У новым навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будуць рэалізоўвацца новыя праграмы факультатыўных заняткаў: у 6-м класе – «Духоўная спадчына Беларусі», у 9–10-х класах – «Святыні роднага краю». Абедзве праграмы накіраваны на грамадзянскае, патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў праз азнаямленне іх з духоўнай спадчынай, традыцыйнымі каштоўнасцямі беларускага народа.

Шасцікласнікі, напрыклад, на факультатыўных занятках змогуць даведацца пра асаблівасці беларускага календара, традыцыйныя беларускія рамёствы, гістарычныя назвы населеных пунктаў Беларусі, гістарычныя асаблівасці мужчынскага і жаночага адзен­ня беларусаў, помнікі сярэднявечнай архітэктуры ў Беларусі. Важнымі для фарміравання ў вучняў традыцыйных беларускіх каштоўнасцей будуць такія тэмы, як узаемаадносіны паміж бацькамі, дзецьмі, сваякамі; традыцыі штодзённага жыцця беларусаў. Вучэбнай праграмай факультатыўных заняткаў для 6-га класа прадугледжана выкананне творчых работ, вывучэнне паходжання назваў населеных пунктаў, у якіх пражываюць навучэнцы, традыцый, звычаяў і заняткаў прадстаўнікоў розных этнасаў, якія жывуць у Беларусі. У дапамогу педагогам у 2023 годзе будзе выдадзены дапаможнік «Духоўная спадчына Беларусі».

Праграма факультатыўных заняткаў «Святыні роднага краю» накіравана на паглыбленне ведаў вучняў 9–10-х класаў аб сваім родным краі. Яна мае яскравы практыка-арыентаваны характар і прадугледжвае арганізацыю з навучэнцамі краязнаўчай работы, правядзенне экскурсій і падарожжаў, наведванне музеяў устаноў адукацыі і культуры, храмаў, сустрэч з прадстаўнікамі розных канфесій, творчымі людзьмі свайго рэгіёна. Навучэнцам будзе прапанавана выкананне такіх практычных работ, як стварэнне каталогаў аб’ектаў помнікаў гісторыі і культуры роднага краю; складанне экскурсійна-краязнаўчых маршрутаў; збор інфармацыі пра знакамітых землякоў (дзяржаўных, палітычных, грамадскіх, ваенных дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры), якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна і Беларусі ў розныя перыяды; падрыхтоўка прэзентацый, відэаролікаў, фотавыстаў з выкарыстаннем краязнаўчых матэрыялаў; прэзентацыя іх на выхаваўчых, культурна-асветніцкіх мерапрыемствах ва ўстанове адукацыі.